Родная мова, гучы!

21 февраля 2023
Родная мова, гучы!

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

                                                  П. Панчанка

У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца РОДНАЙ. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Цікава і пазнавальна прайшоў гэты дзень у нашым дзіцячым садку. Выхаванцы малодшых груп з задавальненнем слухалі пястушкі, забаўлянкі, калыханкі, песенькі, для якіх характэрны рытмічнасць і напеўнасць. Вельмі спадабалася дзецям сярэдняга ўзросту прымаць удзел у вечары беларускіх загадак пра герояў беларускіх казак “Даскажы слоўца”. Гутаркі на тэму “Мая родная мова”, гульнёвыя сітуацыі па развіццю маўлення “Навучым герояў казак размаўляць правільна”,  “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”, дыдактычныя і рухомыя гульні “Перакладчыкі”, “Гарлачык”, “Шэры кот”, “Бусел і бот”, дапамаглі ў чарговы раз дзецям насалодзіцца мілагучнасцю роднай мовы. Не засталіся без увагі і бацькі выхаванцаў. Для іх у бацькоўскіх кутках была размешчана наглядная інфармацыя “Гучы, родная мова!”, “10 фактаў пра беларускую мову”, “Тата, мама, размаўляй са мной па-беларуску”. Законныя прадстаўнікі старшай групы прынялі ўдзел у онлайн-віктарыне “Знаўцы роднай мовы”.

Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу сёння прысвяцілі роднай мове самыя прыгожыя словы і пажаданні, атрымалі асалоду ад яе гучання і мілагучнасці.